Беларуская Служба

Бясплатныя экскурсіі па музеі Шапэна ў Варшаве. Апошні шанец перад працяглай рэканструкцыяй

29.12.2025 11:21
На працягу трох дзён – 29, 30 і 31 снежня – Музей Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве запрашае на бясплатныя экскурсіі.
Помнік Фрыдэрыку Шапэну ў ВаршавеDopieralski_J1975/pixabay.com/CC0

У апошнія дні снежня ўваход у музей Шапэна ў Варшаве будзе магчымы па бясплатных квітках, якія можна атрымаць у касах музея непасрэдна перад наведваннем. Гэта будзе апошняя магчымасць наведаць музей перад яго закрыццём на рэканструкцыю, якая запланавана з 1 студзеня па 31 снежня 2026 года.

У рамках бясплатнага ўваходу куратар музея Шапэна Севярын Кутэр таксама запрашае на куратарскую экскурсію па выставе «Фрыдэрык Шапэн – самы сапраўдны мастак». На гэтай выставе прадстаўлены малюнкі Эжэна Дэлакруа, пазычаныя з Луўра. Экскурсіі запланаваны на 12 і 13 гадзін у панядзелак, аўторак і сераду, а таксама на 15 гадзін у панядзелак і аўторак. Экскурсіі будуць доўжыцца прыблізна 20 хвілін.

Музей Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве, адчынены ў 2010 годзе, пасля пятнаццаці гадоў існавання пройдзе грунтоўную рэканструкцыю ў рамках праекта «Жамчужына Варшавы». Запланаваныя змены ўключаюць: мадэрнізацыю пастаяннай экспазіцыі і распрацоўку планаў часовых выстаў, а таксама выкарыстанне новых аўдыёвізуальных тэхналогій і неабходныя будаўнічыя работы.

Падчас рэканструкцыі наведвальнікам у Польшчы будуць даступныя толькі прадметы, якія выстаўляюцца ў доме нараджэння Фрыдэрыка Шапэна ў Жалязовай Волі. Аднак большая частка прадметаў застанецца ў скарбніцы музея і спецыяльных музейных сховішчах, дзе яны таксама пройдуць неабходную кансервацыю.

Асобныя прадметы таксама плануецца выставіць за мяжой у музеях, у тым ліку ў рамках далейшага супрацоўніцтва з музеем Сучжоу ў Кітаі, домам Жорж Санд у Наане і музеем Жорж Санд у Шатры.

ав