У Давосе распачаўся Сусветны эканамічны форум, у якім бяруць удзел каля трох тысяч чалавек — лідары дзяржаў і прадстаўнікі буйного бізнесу. Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі правядзе шэраг сустрэч, у тым ліку з прэзідэнтам Арменіі і кіраўніком Сусветнага банка.
Як паведаміў кіраўнік прэзідэнцкага Бюро міжнароднай палітыкі Марцін Пшыдач, адной з ключавых тэм перамоў стане бяспека Еўропы:
«Пытанні міжнароднай бяспекі нельга разглядаць у адрыве ад эканомікі, бо адсутнасць міру і нарастанне напружанасці непасрэдна ўплываюць на эканамічную сітуацыю. Асноўнае пасланне польскага прэзідэнта будзе заключацца ў падтрымцы архітэктуры бяспекі, заснаванай на агульнапрызнаных прынцыпах і гарантаванай ключавымі дзяржаўна-эканамічнымі інстытутамі заходняга свету, да якога належыць Польшча», — заявіў дыпламат.
Форум у Давосе традыцыйна становіцца пляцоўкай для кулуарных сустрэч з вядучымі палітыкамі і прадстаўнікамі бізнесу. У праграме прэзідэнта Польшчы — таксама перамовы з кіраўнікамі глабальных кампаній, якія ўжо інвестуюць або плануюць інвеставаць у польскую эканоміку.
Падчас форуму ўдзельнікі абмяркуюць шырокае кола пытанняў — ад геапалітыкі і суперніцтва сусветных дзяржаваў да развіцця і канкурэнтаздольнасці, штучнага інтэлекту, кліматычных зменаў, энергетыкі і аховы акіянаў. Усяго ў жывым эфіры будзе транслявацца больш за 200 панэльных дыскусій.
iar/эж