Беларуская Служба

У Польшчы знялі з пасады сілавіка, адказнага за ахову першых асоб

20.01.2026 17:03
Сканад вакол Службы аховы дзяржавы абвастрылася пасля крадзяжу аўтамабіля, які належаў сям’і прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска. 
Ілюстрацыя Albert Zawada/PAP

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы распачало дысцыплінарнае расследаванне ў дачыненні да каменданта Службы аховы дзяржавы (Służba Ochrony Państwa, ск. SOP) генерала брыгады Радаслава Яворскага. У сувязі з гэтым ён адхілены ад выканання службовых абавязкаў. Пра гэта паведаміла МУСіА Польшчі 20 студзеня. Часовае выкананне абавязкаў кіраўніка SOP даручана яго намесніку — палкоўніку Томашу Яцковічу.

Вакол кіраўніцтва SOP апошнім часам разгарэўся канфлікт. У службе праводзілася шматузроўневая праверка, а на мінулым тыдні ў міністэрства паступіў ліст ад супрацоўнікаў SOP з патрабаваннем вярнуць генерала Яворскага на пасаду.

Сканад вакол Службы аховы дзяржавы абвастрылася пасля крадзяжу аўтамабіля, які належаў сям’і прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска. Пасля інцыдэнту былі звольненыя кіраўнікі аховы прэм’ера. Сам Яворскі спачатку пайшоў у адпачынак, а затым аформіў бальнічны. Міністр унутраных спраў Марцін Кервіньскі запатрабаваў ад SOP дэталёвы рапарт.

iar/pap/эж