У 2025 годзе адбылося 1925 спроб самагубстваў сярод дзяцей і моладзі. Паводле паліцэйскіх дадзеных, 161 з гэтых спроб скончылася смерцю. У самай малодшай узроставай групе — ад 7 да 12 гадоў — было зафіксавана 83 спробы самагубства і 5 самагубстваў. Найбольшая колькасць спроб самагубстваў адзначалася ў Паморскім і Сілезскім ваяводствах, а найменшая — у Любускім і Апольскім.
Дадзеныя сведчаць, што тэндэнцыя росту колькасці спроб самагубстваў сярод дзяцей і моладзі была спынена. Пры гэтым, узрасла колькасць завершаных самагубстваў — са 127 у 2024 годзе да 161 у 2025 годзе.
Спецыялісты падкрэсліваюць, што па-ранейшаму неабходныя доўгатэрміновыя праграмы ў сістэме аховы здароўя, а таксама прафілактычныя праграмы ў школах.
«Адукацыйныя праграмы павінны ў доўгатэрміновай перспектыве закранаць тэму псіхічнага здароўя. З маладымі людзьмі трэба размаўляць адкрыта і наўпрост. У школах неабходна адкрыта гаварыць пра выклікі, пра супрацьдзеянне гвалту сярод равеснікаў, лічбавую гігіену і спосабы падтрымкі», — сказаў Дамінік Куц з фонду GrowSPACE.
Спецыялісты таксама адзначаюць, што ў школах або цэнтрах дапамогі неабходна ствараць бяспечную прастору, у якой дзеці і моладзь могуць называць свае эмоцыі без рызыкі асуджэння.
«Спроба самагубства з’яўляецца вынікам працяглай эмацыянальнай перагрузкі і адсутнасці эфектыўнай падтрымкі на больш ранніх этапах. Многія дзеці і падлеткі сёння перажываюць хранічнае эмацыянальнае напружанне, пачуццё адзіноты і цяжкасці з рэгуляцыяй эмоцый. Пры гэтым, ім не хапае інструментаў, каб назваць тое, што яны адчуваюць», — тлумачыць Крыстына Пёнткоўская з GrowSPACE.
Асобы, якія перажываюць псіхічны крызіс, могуць тэлефанаваць на кругласутачны тэлефон эмацыянальнай падтрымкі для дарослых — 116 123. Кругласутачны Тэлефон даверу для дзяцей і моладзі — 116 111.
Паведамленні ў сітуацыях пагрозы здароўю і жыццю таксама прымаюцца па экстранным нумары 112.
IAR/нг