Беларуская Служба

Кіраўнік МНА Польшчы ў адказ на словы Трампа: Ахвяра польскіх салдат не можа быць прыніжана

23.01.2026 16:20
Міністр абароны падкрэсліў, што Польшча заўсёды была, ёсць і будзе адказным і надзейным саюзнікам НАТА.
-     -
Віцэ-прэм'ер і міністр абароны Уладзіслаў Косіняк-Камыш PAP/Albert Zawada

Віцэ-прэм'ер і міністр абароны Уладзіслаў Косіняк-Камыш адрэагаваў на каментар Дональда Трампа адносна ўдзелу НАТА ў вайне ў Афганістане. У інтэрвʼю Fox News амерыканскі лідар заявіў, што саюзныя войскі «заставаліся ззаду, за лініяй фронту».

Міністр абароны падкрэсліў, што Польшча заўсёды была, ёсць і будзе адказным і надзейным саюзнікам НАТА ў часы небяспекі. Ён дадаў, што ахвяра польскіх салдат ніколі не будзе забытая і не можа быць прыніжана:

— 43 польскія салдаты ахвяравалі свае жыцці ў Афганістане, адзін медык, 23 польскія салдаты загінулі ў Іраку, і яшчэ 860 палякаў пацярпелі ў замежных місіях, у якіх Польшча ўдзельнічала ў апошнія дзесяцігоддзі.

Прэмʼер-міністр Дональд Туск напісаў у сацыяльных сетках, што амерыканскае лідарства ў трансатлантычнай супольнасці грунтуецца на ўзаемным даверы, агульных каштоўнасцях і інтарэсах, а не на дамінаванні і прымусе.

«Давайце не губляць гэта. Паводле мяне, гэта таксама галоўнае пасланне ўчорашняга саміту ЕС», – напісаў прэмʼер-міністр.

IAR|яс