Грамадзяніну Беларусі, які жыве ў Польшчы 8 гадоў на падставе дазволу на ПМЖ і які ён атрымаў па Карце паляка, адмовілі ў грамадзянстве РП з-за дробнага штрафу. Пры гэтым штраф ён аплаціў.
Скрыншот адмовы
Інфармацыя пра адмову з'явілася ў адным з чатаў, прысвечаных атрыманню польскага грамадзянства. У адказе ад імя мазавецкага ваяводы гаворыцца, што падчас праверкі быў устаноўлены факт пакарання беларускага грамадзяніна за парушэнне ПДР штрафам у памеры 200 злотых (каля 160 беларускіх рублёў). Прычым беларус быў аштрафаваны 17 жніўня 2021 года, а ўжо 19 жніўня штраф аплаціў.
«Штраф, якім быў пакараны іншаземец, сведчыць аб тым, што замежнік не паважае і не прытрымліваецца польскага заканадаўства», - гаворыцца ў адказе. У ім таксама зазначаецца, што паводзіны беларуса – прыклад «ігнаравання польскага заканадаўства».
Невядома, за што беларус атрымаў штраф, але яго невялікая сума, на фоне вельмі высокіх штрафаў за парушэнне ПДР у Польшчы, сведчыць пра тое, што гэта хутчэй за ўсё дробнае правапарушэнне.
Цяпер замежных грамадзян, якія стараюцца атрымаць польскі пашпарт, правяраюць з усіх бакоў. Акрамя Агенцтва ўнутранай бяспекі, паліцыі і Памежнай службы, запыты таксама накіроўваюцца ў Падатковую інспекцыю, Транспартную інспекцыю і муніцыпальную паліцыю (Straż miejska).
вс