Міністэрства замежных спраў Польшчы рашуча асудзіла «варварскую атаку» расійскага дрона на гістарычны цэнтр Львова — аб’ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
У ведамстве адзначылі, што ў выніку ўдару, здзейсненага 24 сакавіка, загарэўся кляштар XVII стагоддзя — каштоўнасць еўрапейскай цывілізацыі, сфармаваная супольнай гісторыяй Польшчы і Украіны. «Гэта наўмысная атака на нашу агульную памяць і ідэнтычнасць. Расія, толькі намінальна з’яўляецца бокам Гаагскай канвенцыі і ЮНЕСКА, і знішчае спадчыну, якую гэтыя дамовы павінны абараняць», — гаворыцца ў заяве.
Дрон таксама пашкодзіў дах будынка побач з кляштарам бернардзінцаў і Гістарычным архівам, дзе захоўваюцца каштоўныя для Польшчы дакументы. Сам архіў і яго фонды не пацярпелі.
Міністр культуры Польшчы Марта Цянькоўская разам з украінскай калегай заклікала міжнародную супольнасць, у тым ліку ЮНЕСКА, да неадкладных дзеянняў.
iar/эж