Ноччу Польшча перайшла на летні час — стрэлкі гадзінніка ў дзве гадзіны былі пераведзеныя на трэцюю гадзіну. На думку спецыялістаў, пераход на іншы час можа негатыўна ўплываць на наш арганізм.
Пасля пераходу на летні час варта сачыць за тым, колькі мы спім, і абавязкова класціся спаць раней, — нагадвае неўролаг, прафесар Марцін Жароўскі. Па словах доктара, асабліва цяжка пераносяць змену не толькі людзі з парушэннямі сну, але таксама падлеткі.
— Грамадства дзейнічае так, што няма падзелу на дзейнасць «соў» і «жаўрукоў». Усім трэба ўставаць раніцай. І тут «совы» у значна лепшай сітуацыі, але гэта сур’ёзная праблема для падлеткаў, якія спяць усё менш, паколькі жыццё ў сацсетках ідзе вечарам або ноччу.
Парушэнні сну, стомленасць і пагаршэнне настрою — вынік пераходу з зімовага на летні час, які закранае і пажылых людзей, на што звяртае ўвагу герыятр Марцін Каралеўскі.
— Сталыя людзі дрэнна рэагуюць на кожную змену ў жыцці, у тым ліку на змену сутачнага рытму. Яны могуць быць разгубленыя, не пазнаваць блізкіх людзей. Кожны стрэс, кожная змена можа дрэнна паўплываць на здароўе старых. Іх біялагічны гадзіннік не зменіцца з пераходам на летні час, ён будзе хадзіць паводле старога часу.
Эксперты адзначаюць, што нават у маладых і здаровых людзей прывыканне да новага часу можа заняць каля тыдня, а нават два тыдні.
IAR/нг