Жыхары Чанстаховы, а таксама паломнікі з усёй Польшчы і з-за мяжы ўзялі ўдзел ва ўрачыстасцях Вербнай нядзелі (Niedziela Palmowa) на Яснай Гары. Перад святой імшой адбылася працэсія з вярбой і абрад яе асвячэння.
Вербніца, якая нагадвае пра ўезд Хрыста ў Ерусалім перад пакутамі і смерцю на крыжы, распачынае ў Касцёле Вялікі тыдзень, кульмінацыяй якога з’яўляецца Пасхальны Трыдуум.
Урачыстую імшу ў чанстахоўскай базіліцы ўзначаліў прыёр Яснай Гары Самуэль Пахольскі (Samuel Pacholski). У гаміліі ён заклікаў глядзець на Езуса і адкрываць Яго таямніцу.
— Як піша святы Пётр у сваім першым пасланні, Хрыстус сам у сваім целе панёс нашы грахі на крыж. Можна сказаць, што гэта нашы грахі ўзнеслі Езуса на крыж. Не толькі Сінедрыён і не толькі Пілат укрыжавалі Яго, — адзначыў святар.
Паводле святара, гледзячы на Езуса, які не губляе жыцця, а аддае яго за блізкіх, мы павінны ўсвядоміць, што прыходзім у гэты свет не для таго, каб жыццё страчваць, а каб яго аддаваць; не каб быць закладнікамі біялагічных працэсаў ці залежаць ад чалавечых намераў.
Ва ўрачыстасцях удзельнічалі як жыхары Чанстаховы, так і паломнікі з розных рэгіёнаў Польшчы і іншых краін.
Вербная нядзеля з'яўляецца адным з важнейшых свят рэлігійнага календара. У многіх мясцовасцях Польшчы ёсць традыцыя праводзіць конкурс на самую высокую вярбу (велікодную пальму).
PAP/нг