Паміж польскім Згажэльцам і нямецкім Гёрліцам пачынаецца будаўніцтва транспамежнага цеплавога злучэння. Новая інфраструктура дазволіць перадаваць цяпло ў абодвух напрамках; яе даўжыня складзе каля 12 км. Пад ракой Ныса-Лужыцкая, якая падзяляе горад на польскую і нямецкую часткі, пракладуць амаль 4 км трубаправоду.
Намеснік міністра энергетыкі Польшчы Конрад Вайнароўскі падкрэсліў значэнне праекта.
— Гэта інвестыцыя, важная з пункту гледжання энергетычнай трансфармацыі, якая адпавядае сучасным інавацыйным рашэнням у цеплазабеспячэнні. Я перакананы, што ў будучыні падобных праектаў будзе больш — каб гарантаваць энергетычную бяспеку, надзейнасць паставак і нізкія цэны на энергію і цяпло для жыхароў.
Праект будзе цалкам заснаваны на аднаўляльных крыніцах энергіі. У Згажэльцы пабудуюць цеплавую станцыю на біямасе і ўсталююць сонечныя панэлі, што дазволіць адмовіцца ад апошняй у Польшчы цеплаэлектрацэнтралі, якая працуе на бурым вуглі. Кошт інвестыцыі складзе каля 195 млн еўра.
iar/эж