— Няма НАТА без Злучаных Штатаў, — заявіў міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш. Так ён пракаментаваў словы прэзідэнта Дональда Трампа пра магчымасць выхаду ЗША з Паўночнаатлантычнага альянсу. Кіраўнік Мінабароны падкрэсліў, што Польшча павінна дбаць пра стабільнасць блоку.
— Спадзяюся, што эмоцыі, якія сёння суправаджаюць прэзідэнта Злучаных Штатаў, з часам сціхнуць. Чаму? Таму што няма НАТА без Злучаных Штатаў, і гэта ў нашых інтарэсах — каб надышло супакаенне. Але няма і магутнасці ЗША без НАТА. Еўропа павінна рабіць больш.
У інтэрв’ю брытанскай газеце The Daily Telegraph Дональд Трамп назваў НАТА «папяровым тыграм» і раскрытыкаваў краіны альянсу за адмову ўдзельнічаць у аперацыі па разблакаванні Армузскай пратокі, праз якую праходзіць каля 20% сусветных паставак нафты.
Уладзіслаў Касіняк-Камыш падкрэсліў, што ЗША неаднаразова падтрымлівалі сваіх партнёраў, у тым ліку Украіну, аднак, паводле яго слоў, гэтым разам саюзнікі не прадэманстравалі аналагічнай падтрымкі.
iar/эж