Беларуская Служба

Пяці асобам прад'яўленыя абвінавачванні па падпалах крамаў у Еўропе, у тым ліку ў Варшаве – TVP Info

02.04.2026 08:36
Адзін з абвінавачаных ужо адбывае пакаранне ў Літве, дзе яму прысудзілі тры гады і чатыры месяцы пазбаўлення волі.
Сядзіба Нацыянальнай пракуратуры ў ВаршавеAutorstwa Adrian Grycuk - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=108258220

Пяці асобам прадʼяўленыя абвінавачванні па справе аб падпалах супермаркета OBI і гандлёвага цэнтра Марывільска (поль. Marywilska 44) ў Варшаве, а таксама крамы IKEA ў Вільні, паведамляе TVP Info.

Мазавецкае аддзяленне Дэпартамента па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры ў Варшаве завяршыла адзін з найважнейшых этапаў расследавання гучных падпалаў. Галоўнай мэтай расследавання было вызначыць вінаватых у пажары ў гандлёвым цэнтры Марывільска ў Варшаве.

Нагадаем, пажар успыхнуў ноччу 12 траўня 2024 года. За некалькі гадзін было знішчана амаль 1 500 гандлёвых кропак. Следчыя хутка высветлілі, што гэта быў наўмысны ўчынак. Паводле польскіх службаў, гэта быў тэрарыстычны акт, здзейснены сеткай агентаў, завербаваных і аплачаных расійскай службай ГРУ з мэтай запалохвання краінаў, якія падтрымліваюць Украіну.

Пяці асобам былі прадʼяўлены абвінавачванні. Трое з іх абвінавачваюцца ў актах дыверсіі, у тым ліку двое, як у Польшчы, так і ў краінах Балтыі.

Адным з абвінавачаных зʼяўляецца 19-гадовы ўкраінец Данііл Б. Яго абвінавачваюць у здзяйсненні актаў дыверсіі і тэрарыстычных злачынстваў.

12 траўня 2024 года мужчына запісаў пажар у цэнтры на вуліцы Марывільскай, а затым адправіў ролік Аляксандру Варыводзе – кіраўніку групы дыверсантаў, якая базуецца ў Расіі. Згаданы мужчына знаходзіцца ў міжнародным вышуку.

За дыверсію ў Польшчы абвінавачаным прадугледжваецца пакаранне ад 10 гадоў да пажыццёвага зняволення.
Аднак сітуацыя ўскладняецца тым, што Данііл Б. у цяперашні час адбывае пакаранне ў Літве. У лістападзе 2025 года мясцовы суд прыгаварыў яго да трох гадоў і чатырох месяцаў пазбаўлення волі за падпал крамы IKEA ў Вільні.

IAR/аз