Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што японскія інвестыцыі могуць разлічваць на падтрымку польскага ўрада. У аўторак, 14 красавіка, польская дэлегацыя пачынае афіцыйны візіт у Японію.
Падчас прэс-канферэнцыі ў польскай амбасадзе ў Токіа кіраўнік урада падкрэсліў, што японскія кампаніі, якія працуюць у Польшчы, уносяць істотны ўклад у развіццё нацыянальнай эканомікі:
— Наша супрацоўніцтва — гэта сапраўдны прыклад і мадэль для іншых. Поспех японскіх кампаній, якія інвестуюць у Польшчы, адначасова з’яўляецца і поспехам польскай эканомікі. Запэўніваю нашых японскіх партнёраў, якія гатовы працягваць гэтае супрацоўніцтва: вы можаце разлічваць на асаблівую падтрымку з боку польскага ўрада, маю як прэм’ер-міністра, польскіх прадпрыемстваў і ўсяго польскага народа, — адзначыў Туск.
Запланаваная таксама сустрэча кіраўніка ўрада з прадстаўнікамі польскай дыяспары ў Японіі, афіцыйныя перамовы з Японскай федэрацыяй бізнесу, а таксама сустрэча з прэм’ер-міністрам Японіі Санаэ Такаічы адбудуцца 15 красавіка.
Напярэдадні кіраўнік польскага ўрада разам з міністрамі эканомікі і сельскай гаспадаркі правёў перамовы ў Сеуле. Перамовы з уладамі Паўднёвай Карэі былі прысвечаныя пашырэнню двухбаковага супрацоўніцтва, геапалітычнай сітуацыі, пытанням абароны, а таксама развіццю тэхналогій, навукі і гандлёва-эканамічнага абмену.
iar/эж