Заўтра, 19 красавіка, спаўняюцца 83 гады з моманту пачатку паўстання ў Варшаўскім гета. Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі прыме ўдзел ва ўшанаванні памяці пра ўдзельнікаў найбуйнейшага ўзброенага паўстання яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны. Прадстаўнік Канцылярыі прэзідэнта Войцех Калярскі сказаў, што ўдзел прэзідэнта ў жалобнай урачыстасці — жэст павагі ўдзельнікам збройнага чыну.
— Прэзідэнт Караль Наўроцкі прыме ўдзел ва ўрачыстасці ў памяць аб пачатку паўстання ў Варшаўскім гета. Гэта дзень, калі мы ўшаноўваем памяць пра польскіх яўрэяў, якія са зброяй у руках выступілі супраць немцаў. Прэзідэнт ускладзе кветкі ў суправаджэнні скаўтаў і ветэранаў. Прысутнасць прэзідэнта — гэта жэст павагі людзям, якія выступілі супраць акупантаў у імя свабоды.
Паўстанне ў Варшаўскім гета пачалося 19 красавіка 1943 года. Гэта быў адказ яўрэяў на план немцаў па канчатковай ліквідацыі гета. З аднаго боку, гэта быў акт адчаю, бо сілы былі кардынальна няроўныя, а з іншага — сімвалічны акт супраціву нямецкім захопнікам. Паўстанне было крывава задушанае, а гета знішчанае дашчэнту. Паўстанне працягвалася да 16 мая 1943 года.
вс