Беларуская Служба

Польшча атрымае грошы з праграмы SAFE на фінансаванне абарончых інвестыцый

06.05.2026 11:56
Доступ Польшчы да сродкаў праграмы SAFE апынуўся пад сур'ёзным сумневам пасля рашэння прэзідэнта Наўроцкага.
  , Rue de la Loi 170, 1040 ,
Сядзіба Еўрапейскай камісіі, Rue de la Loi 170, 1040 Брусэль, БельгіяPhoto: Shutterstock/Michailidis

Доступ Польшчы да сродкаў праграмы SAFE апынуўся пад сур'ёзным сумневам пасля таго, як прэзідэнт Караль Наўроцкі вырашыў накласці вета на законапраект аб рэалізацыі крэдытаў на абарончыя інвестыцыі з праграмы ЕС SAFE.

Прэзідэнт разлічваў, што ўрад не мае неабходнай парламенцкай большасці (3/5) для адхілення вета. У адказ урад падрыхтаваў план Б.

Еўрапейская камісія ўхваліла пагадненне з Польшчай адносна выкарыстання сродкаў з крэдытнага фонду на ўзбраенне SAFE. 

Карэспандэнтка Польскага радыё ў Бруселі Бэата Пламэцка неафіцыйна даведалася, што камісары ​​ЕС ухвалілі пагадненне ў пісьмовай працэдуры. Цяпер засталося толькі падпісаць пагадненне ў пятніцу (8 мая) у Варшаве, і Брусель зможа пералічыць Варшаве аванс у памеры 6,5 мільярда еўра.

Польшча — першая краіна, якая атрымала канчатковае адабрэнне Камісіі на крэдытаванне з праграмы SAFE. Польшча павінна атрымаць 43,7 мільярда еўра з агульнай сумы фонду ў 150 мільярдаў еўра.

Польшча дамовілася, што да канца гэтага месяца мае права самастойна рэалізаваць абаронныя праекты і фінансаваць інвестыцыі, якія ўжо рэалізуюцца, за сродкі з SAFE.

Гэта вялікае дасягненне польскага ўраду ў перамовах з ЕС, бо патрабаваннем для выкарыстання фонду зʼяўляецца тое, каб праекты рэалізаваліся як мінімум дзвюма краінамі.

Цяпер Варшаве давядзецца эфектыўна выканаць бюракратычныя патрабаванні, каб атрымаць кампенсацыю ад SAFE за гэтыя інвестыцыі.

Спіс праектаў, якія Польшча хоча фінансаваць, уключае «Усходні шчыт», беспілотныя лятальныя апараты, сістэмы барацьбы з беспілотнікамі, вытворчасць буйнакаліберных боепрыпасаў, зенітна-ракетныя сістэмы і гаўбіцы.

Праграма SAFE прапануе нізкапрацэнтныя крэдыты на выгадных умовах. Пагашэнне пачнецца праз 10 гадоў і будзе расцягнута да 2070 года.

яс