Беластоцкі аддзел Цэнтральнага бюро паліцыі Польшчы па барацьбе з кіберзлачыннасцю ўзбудзіў крымінальную справу па факце хакерскай атакі на інтэрнэт-бібліятэку kamunikat.org, якая адбылася ў ноч на 7 траўня.
Пра гэта Радыё «Свабода» паведаміў заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі і дырэктар аднайменнага выдавецтва Яраслаў Іванюк, які 11 мая меў гутарку з супрацоўнікамі бюро.
— Напісаў заяву. Мне задавалі вельмі дакладныя пытанні. І па выніку ў мяне ўражанне такое, што супрацоўнікі бюро паставіліся вельмі сур'ёзна да сітуацыі, — сказаў Іванюк.
Ён расказаў паліцэйскім пра тое, што 3 сакавіка сайт у Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем», што папярэдняя спроба ўзлому была летась у снежні. А таксама перадаў логі адрасоў, з якіх ішла атака.
— Мне сказалі, што, магчыма, даведаюцца, адкуль атака была праведзеная, — заўважыў Іванюк.
Паводле яго, крымінальную справу могуць перадаць у Агенцтва ўнутранай бяспекі.
— Сказалі, што зважаючы на дзеянні рэжыму Лукашэнкі супраць мяне і kamunikat.org, магчыма, што справа будзе перададзеная ў гэтую польскую спецслужбу, + паведаміў Яраслаў Іванюк.
Паводле яго, праца па аднаўленні матэрыялаў інтэрнэт-бібліятэкі працягваецца.
вс