Беларуская Служба

Дональд Трамп заверыў аб «моцы і трываласці польска-амерыканскага саюза»

22.05.2026 08:14
Прэзідэнт ЗША паведаміў пра рашэнне адправіць у Польшчу пяць тысяч салдат.
   .
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.PAP/EPA/AL DRAGO / POOL

Польскія палітыкі з задавальненнем успрымаюць заяву аб адпраўцы пяці тысяч амерыканскіх вайскоўцаў у Польшчу. Меркаваннем кіраўніка Бюро нацыянальнай бяспекі Барташа Градэцкага, рашэнне Дональда Трампа стала велізарным поспехам прэзідэнта Караля Наўроцкага і вынікам яго паслядоўных намаганняў па будаўніцтве добрых адносін з ЗША.

Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі дадаў, што павелічэнне колькасці ўзброеных сіл ЗША — выдатная навіна для Польшчы. Ён напісаў, што гэта ўмацуе бяспеку Польшчы і пацвердзіць «моц і трываласць польска-амерыканскага саюза».

«Гэта добрае рашэнне для Польшчы. Цяпер неабходна яго рэалізаваць», — кажа Уладзіслаў Касіняк-Камыш. Міністр нацыянальнай абароны (MON) пракаментаваў у сацыяльных сетках заяву прэзідэнта Дональда Трампа аб тым, што ЗША накіруюць у Польшчу 5000 вайскоўцаў.

Паводле слоў віцэ-прэм'ера і міністра нацыянальнай абароны, гэта сведчыць аб тым, што «мы, безумоўна, рухаемся наперад», а рашэнне прэзідэнта ЗША пашырае гарантыі бяспекі Польшчы.

– У адным можна быць упэўненым – Польшча нічога не страчвае. З тых жаўнераў, якія знаходзіліся дагэтуль у нас – у сярэднім гэта каля 10 тысячы жаўнераў – мы нікога не страцім. Па маім перакананні, мы наадварот, атрымліваем карысць – або колькасную перавагу, або ў пастаяннай прысутнасці. Гэта будуць рашэнні бліжэйшых дзён, бліжэйшых тыдняў, калі будзе адбывацца працэс планавання.

Прэзідэнт Дональд Трамп раней напісаў на платформе Truth Social: «Дзякуючы паспяховым вынікам выбараў, на якіх перамог цяперашні прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі, якога я з гонарам падтрымліваў, і ўлічваючы мае адносіны з ім, я рады паведаміць, што Злучаныя Штаты накіруюць у Польшчу дадатковыя 5000 вайскоўцаў». Аднак прэзідэнт ЗША не ўдакладніў, ці азначае гэта павелічэнне колькасці войскаў звыш папярэдняга ўзроўню ў 10 000, ці адмену некаторых папярэдніх скарачэнняў.

Заява Дональда Трампа прагучала праз тыдзень пасля навіны аб вывадзе амерыканскай брыгаднай баявой групы са складу ратацыі ў Польшчы.

IAR/нг