Польскі завод ABB у Аляксандраве-Лодзкім стане часткай аднаго з самых амбіцыйных энергетычных праектаў у свеце. Менавіта адтуль у ЗША адправяць больш за 80 прамысловых прывадаў і электрарухавікоў для геатэрмальнай электрастанцыі Cape Station у штаце Юта. Пра гэта пішуць на сайце biznesalert.pl.
Праект рэалізуе амерыканская кампанія Fervo Energy, а сярод інвестараў — Google. Станцыя павінна забяспечыць электраэнергіяй каля 350 тыс. дамоў і стаць найбуйнейшай геатэрмальнай электрастанцыяй новага пакалення.
У адрозненні ад традыцыйнай геатэрмальнай энергетыкі, сістэма Fervo выкарыстоўвае тэхналогію EGS. Ваду пад высокім ціскам запампоўваюць на глыбіню да 5 км у гарачыя сухія пароды з тэмпературай больш за 250 градусаў. Атрыманая цеплавая энергія дазваляе вырабляць электрычнасць кругласутачна — незалежна ад надвор’я ці пары года.
Польскія сістэмы будуць кіраваць помпамі, якія забяспечваюць цыркуляцыю вады ў падземным контуры. Акрамя рухавікоў ABB паставіць генератары, размеркавальныя сістэмы і мабільныя энергетычныя модулі.
Планаваная магутнасць Cape Station — 500 мегават, што супастаўна з новым блокам электрастанцыі ў Тураве, але без выкарыстання вугалю. Першыя магутнасці павінны запрацаваць ужо ў 2027 годзе, а поўны запуск запланаваны на 2028-ы.
Праект лічаць адным з самых перспектыўных у сусветнай «зялёнай» энергетыцы, асабліва для дата-цэнтраў і сістэм штучнага інтэлекту, якім патрэбнае стабільнае электразабеспячэнне 24 гадзіны на суткі.
эж