Міністэрства замежных спраў Польшчы «адназначна негатыўна ацэньвае» рашэнне прысвоіць аднаму з украінскіх вайсковых падраздзяленняў званне «Героі УПА».
— Гэтае рашэнне шкодзіць памяці ахвяр гэтай арганізацыі і падрывае дыялог паміж нашымі народамі. Яно можа быць выкарыстана расійскай прапагандай, якая імкнецца падзяліць нас і падарваць падтрымку абароны Украіны. Мы ўздымаем гэтае пытанне ў дыскусіях з нашымі ўкраінскімі партнёрамі, — гаворыцца ў заяве міністэрства.
Раней гэты крок раскрытыкаваў польскі Інстытут нацыянальнай памяці.
— Стварэнне ўкраінскімі ўладамі культу Украінскай паўстанцкай арміі павінна выклікаць супраціўленне ўсіх, хто памятае дзейнасць гэтага фарміравання. Украінская паўстанцкая армія адказная за генацыд на Валыні і ва Усходняй Галіцыі, — падкрэсліў у сваёй заяве Інстытут.
Паводле гісторыкаў, у ліпені 1943 года Украінская паўстанцкая армія здзейсніла скаардынаваны напад на прыблізна 150 вёсак у былым Валынскім ваяводстве на тэрыторыі сучаснай Украіны. Выканаўцамі гэтага злачынства, таксама вядомага як Валынская разня, былі члены Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН)-Б (фракцыя Бандэры) і падпарадкаванай ёй Украінскай паўстанцкай арміі.
Польшча і Украіна гадамі па-рознаму ацэньвалі дзейнасць АУН і УПА. Для Польшчы падзеі на Валыні былі злачынствам генацыду, а для ўкраінцаў — вынікам сіметрычнага ўзброенага канфлікту, за які аднолькава адказвалі абодва бакі. Больш за тое, украінцы ўспрымаюць АУН і УПА ў першую чаргу як антысавецкія арганізацыі (з-за іх пасляваеннага руху супраціву супраць СССР), а не антыпольскія.
Званне «Героі УПА» было прысвоена Незалежнаму цэнтру спецыяльных аперацый «Поўнач» Узброеных сіл Украіны прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Ва ўказе заяўлена, мэта прысваення звання — адраджэнне гістарычных нацыянальных традыцый украінскага войска.
Некалькі дзён таму парэшткі аднаго з лідараў украінскіх нацыяналістаў Андрэя Мельніка былі ўрачыста перапахаваны пры ўдзеле прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і вышэйшага кіраўніцтва Украіны.
IAR/аз