«Левыя» хочуць, каб закон аб увядзенні забароны на начны продаж алкаголю па ўсёй краіне быў прыняты падчас гэтага тэрміну паўнамоцтваў Сейма. Аб гэтым заявіў намеснік міністра сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі Себасцьян Гаеўскі (Sebastian Gajewski). З учорашняга дня (1 чэрвеня) забарона на продаж алкаголю дзейнічае па ўсёй Варшаве.
Аднак у эфіры «Польскага радыё 24» палітык левых сіл падкрэсліў, што рэалізацыя правіл, якія ахопліваюць усю краіну, павінна быць адаптаваная да эканамічных умоў.
— Няма іншай магчымасці. Для гэтага мы падаем законапраекты, каб яны былі прынятыя яшчэ ў гэтым Сейме. Правіла простае: калі заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў парламента, законапраект ужо не будзе прыняты. І таму мы хочам яшчэ цяпер прыняць закон. Пытанне ў тым, калі ён пачне дзейнічаць. Неабходна памятаць, што гэтыя правілы будуць уплываць на эканоміку, на розных эканамічных суб'ектаў — крамы, пастаўшчыкоў. Усё неабходна падрыхтаваць. І мы гатовы гэтае пытанне абмяркоўваць.
Сейм працуе над прапановай. Акрамя забароны начнога продажу алкаголю, законапраект уключае, у прыватнасці, забарону на рэкламу і прасоўванне алкаголю, а таксама абмежаванне продажу алкаголю на запраўках.
Перад тым як начны «сухі закон» быў распаўсюджаны на ўсю Варшаву, пілотная праграма дзейнічала ў сталічных раёнах Сродмесьце і Прага-Поўнач. З пачатку пілотнага праекта ў лістападзе мінулага года ў ахопленых раёнах назіралася зніжэнне колькасці начных выездаў паліцыі.
IAR/нг