Беларуская Служба

Спікер украінскага парламента падзякаваў спікеру польскага Сейма за яго «адказную пазіцыю»

02.06.2026 12:45
Чажасты падкрэсліў, што не рэкамендуе «неабдуманых рашэнняў».
Włodzimierz Czarzasty.
Włodzimierz Czarzasty.PAP/Jarek Praszkiewicz

Спікер украінскага парламента Руслан Стэфанчук падзякаваў спікеру Сейма Уладзімежу Чажастаму (Włodzimierz Czarzasty) за яго «адказную пазіцыю» ў пытаннях украінска-польскіх гістарычных спрэчак.

— Я ўдзячны спікеру Сейма Уладзімежу Чажастаму за яго ўзважаную і адказную пазіцыю. Сёння Украіна і Польшча застаюцца стратэгічнымі партнёрамі перад абліччам агульнай пагрозы з боку Расіі. Менавіта адзінства і ўзаемная падтрымка ў цяжкія часы ўмацоўваюць бяспеку нашых народаў і ўсёй Еўропы. Мы павінны вырашаць усе спрэчкі вакол нашай агульнай гісторыі праз дыялог. Разам мы павінны глядзець у будучыню, абараняючы свабоду і незалежнасць. Я дзякую Польшчы і польскаму народу за іх салідарнасць, падтрымку і адкрытыя сэрцы, — падкрэсліў спікер украінскага парламента.

У панядзелак Чажасты заявіў, што ў інтарэсах Польшчы падтрымліваць добрыя адносіны з Украінай, а не абвастраць спрэчкі наконт гістарычнай палітыкі. Ён меў на ўвазе паведамленне аб тым, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі будзе пазбаўлены ордэна Белага Арла. 

Маршал і лідар «Новых левых» адзначыў, што антыўкраінскі наратыў у Польшчы становіцца ўсё больш гучным і што гістарычная палітыка з'яўляецца ключавым пытаннем у адносінах Польшчы з Украінай. Ён ацаніў, што таму няма лагічнага тлумачэння рашэння прэзідэнта Зяленскага назваць адну з вайсковых частак «Героямі УПА».

— Што нам рабіць далей? (...) Таму што няма свабоднай Польшчы без свабоднай Украіны. Гэты тэзіс можа камусьці не спадабацца, але ён праўдзівы. Таму што калі Украіна будзе акупаваная, наступнай краінай, на якую нападуць, будзе альбо Малдова, альбо краіны Балтыі, альбо Польшча. Апошняя мяне цікавіць больш за ўсё. Таму жыццёва важны інтарэс Польшчы — гэта незалежнасць Украіны». Жыццёва важны інтарэс Польшчы — гэта таксама ўступленне Украіны ў Еўрапейскі Саюз, — дадаў Чажасты.

Ён падкрэсліў, што рашэнне Зяленскага трэба ацаніць, але не эмацыйна. Адносна пазбаўлення яго ордэна Белага Арла, аб якім абвясціў прэзідэнт Караль Наўроцкі, Чажасты заявіў, што не рэкамендуе «неабдуманых рашэнняў». На думку спікера, рашэнні адносна польска-ўкраінскіх адносін павінны прымацца з улікам доўгатэрміновай перспектывы.

Паводле слоў Чажастага, Польшча ніколі — з 1989 года — не залежала так моцна ад геапалітычнай сітуацыі, як сёння. Палітык выказаў перакананне, што найбольшы ўплыў на тое, што адбываецца ў Польшчы, аказваюць палітыка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і вайна Расіі супраць Украіны.

PAP/нг