Цягам 11 месяцаў дзеяння часовага кантролю на польска-нямецкай мяжы супрацоўнікі Памежнай службы Польшчы ў супрацоўніцтве з іншымі ведамствамі праверылі больш за 910 тыс. чалавек і 420 тыс. транспартных сродкаў. Пра гэта паведаміла прэс-бюро Надодранскага атраду Памежнай службы, які адказвае за ахову заходняй мяжы.
Памежнікам у службе дапамагаюць супрацоўнікі паліцыі і вайсковай паліцыі ды салдаты і афіцэры войскаў тэрытарыяльнай абароны.
У выніку праверак амаль 650 замежнікам было адмоўлена ва ўездзе ў Польшчу. Найбольш распаўсюджанай прычынай стала адсутнасць неабходных дакументаў для перасячэння мяжы. Сярод тых, каго не ўпусцілі ў Польшчу, былі грамадзяне Украіны, Сірыі, Турцыі і Расіі.
Памежнікі таксама прадухілілі спробы незаконнага перасячэння мяжы ў напрамку Германіі. На працягу 11 месяцаў было затрымана 250 мігрантаў, якія спрабавалі незаконна трапіць у Заходнюю Еўропу. Найбольшую групу складалі грамадзяне Афганістана, Грузіі і Узбекістана.
Памежная служба таксама затрымала 10 чалавек, падазраваных у арганізацыі або садзейнічанні незаконнай міграцыі. Сярод іх былі грамадзяне Украіны, Польшчы і Малдовы.
У выніку праверак на мяжы былі выкрытыя таксама іншыя парушэнні заканадаўства. Так, былі затрыманыя 300 чалавек, якія знаходзяцца ў вышуку або падазраюцца ў крымінальных злачынствах.
вс