Беларуская Служба

Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі пазбавіў Уладзіміра Зяленскага Ордэна Белага арла

19.06.2026 22:21
Канфлікт пачаўся пасля таго, як Зяленскі прысвоіў аднаму з падраздзяленняў імя «Герояў УПА».
 .
Караль Наўроцкі. Фота: PAP/Marcin Obara

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі атрымаў вышэйшую ўзнагароду Польшчы ў красавіку 2023 года ад Анджэя Дуды - за ўклад у развіццё польска-ўкраінскіх адносін і супрацоўніцтва ў сферы бяспекі.

Канфлікт пачаўся пасля таго, як Зяленскі прысвоіў аднаму з падраздзяленняў Сіл спецыяльных аперацый Украіны імя «Герояў УПА». У Польшчы гэта выклікала рэзкую рэакцыю з-за памяці аб Валынскай разні.

Караль Наўроцкі заявіў, што ў польска-ўкраінскіх адносінах ёсць межы, якія нельга пераходзіць, і ў выніку адклікаў узнагароду.

У відэа, размешчаным у сацыяльных сетках, Караль Наўроцкі нагадаў, што пасля ўварвання Расіі ва Украіну палякі аказалі мільёнам украінцаў беспрэцэдэнтную гуманітарную, фінансавую і ваенную дапамогу. Ён адзначыў, што польскія вайскоўцы падрыхтавалі тысячы ўкраінскіх салдат.

«Мы не можам заставацца абыякавымі да таго, што некаторыя з іх цяпер будуць служыць пад сцягам УПА. Гэта для нас непрымальна», — напісаў прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што менавіта таму рашэнне прэзідэнта Зяленскага назваць адно з падраздзяленняў узброеных сіл Украіны «Герояў УПА» выклікае такі ​​супраціў у Польшчы.

Караль Наўроцкі падкрэсліў, што Ордэн Белага Арла — гэта не звычайная ўзнагарода.

«Гэта сімвал найвялікшага даверу Рэспублікі Польшча. Ён азначае асаблівую сувязь з польскай дзяржавай і асаблівую ўдзячнасць нацыі. Такі сімвал патрабуе не толькі заслуг, але і павагі да каштоўнасцей».

Караль Наўроцкі абвясціў, што пасля кансультацыі з прысяжнымі вырашыў пазбавіць Уладзіміра Зяленскага ордэна Белага Арла. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтае рашэнне не накіравана супраць украінскай нацыі і не азначае змены стратэгічнага кірунку польскай палітыкі бяспекі.

«Мы падтрымлівалі і працягваем падтрымліваць Украіну, бо ведаем, што расійская агрэсія ўяўляе пагрозу для бяспекі Польшчы і Еўропы», — дадаў Караль Наўроцкі.

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга напісаў у сацыяльных сетках, што гэтае рашэнне — «стратэгічная памылка польскага прэзідэнта, ад якой выйграе толькі Масква». На яго думку, яно неапраўданае і непаважлівае да прэзідэнта Зяленскага і ўкраінскай дзяржавы. Андрэй Сібіга дадаў, што ў гэтай сітуацыі ён не бачыць магчымасці захаваць высокую дзяржаўную ўзнагароду Рэспублікі Польшча — Камандорскі крыж з зоркай Ордэна «За заслугі перад Польшчай», уручаны яму ў кастрычніку 2022 года.

«Ні адзін прэзідэнт іншай краіны не будзе дыктаваць нам нашу гісторыю», — дадаў міністр замежных спраў Украіны.

IAR/нг