З 28 па 30 жніўня ў Лодзі пройдзе Парад свабоды — адзін з найбуйнейшых фестываляў электроннай музыкі ў Польшчы. Арганізатары абяцаюць, што сёлетняя праграма стане самай маштабнай з часу аднаўлення мерапрыемства ў 2022 годзе.
Парад узнік у 1990-х гадах пад уплывам берлінскага Love Parade, але пасля некалькіх выпускаў быў спынены рашэннем гарадскіх уладаў. Пасля шматгадовага перапынку фестываль вярнуўся і цяпер зноў збірае аматараў электроннай музыкі.
Сёлета па вуліцах Лодзі праедуць 13 музычных платформаў, якія прадставяць розныя кірункі польскай клубнай сцэны. Таксама будуць працаваць тры канцэртныя сцэны. У праграме — выступленні дзясяткаў артыстаў з Польшчы і іншых краін.
Упершыню ў Польшчы ў межах фестывалю сваю сцэну прадставіць берлінскі тэхна-калектыў BCCO. Упершыню ў Парадзе свабоды возьме ўдзел і венгерскі клубны калектыў PRIMATE, што, паводле арганізатараў, стане жэстам салідарнасці з еўрапейскай клубнай супольнасцю.
Акрамя канцэртаў, у праграме — бясплатныя майстар-класы па стварэнні электроннай музыкі і танцах, а таксама адукацыйныя і культурныя мерапрыемствы. У гэтым годзе таксама заснаваны Фонд «Парад свабоды», які будзе займацца захаваннем традыцый амаль трыццацігадовай гісторыі лодзінскай сцэны электроннай музыкі і рэалізацыяй культурных праектаў цягам усяго года.
PAP/нг