Санітарныя службы Польшчы апублікавалі рэкамендацыі для індустрыі прыгажосці, якія павінны павысіць бяспеку кліентаў і працаўнікоў падчас касметычных працэдур. Дакумент змяшчае практычныя правілы гігіены, дэзінфекцыі і стэрылізацыі абсталявання.
У Галоўнай санітарнай інспекцыі падкрэсліваюць, што гэта не новыя нормы заканадаўства, а рэкамендацыі для бяспечнага правядзення працэдур. Асаблівая ўвага надаецца паслугам, падчас якіх парушаецца цэласнасць скуры: яны могуць павышаць рызыку перадачы гепатытаў B і C, ВІЧ, герпесу, грыбковых, паразітарных і іншых інфекцый. Агата Кубель-Грабау з Галоўнай санітарнай інспекцыі заявіла:
— Новыя рэкамендацыі не маюць на мэце павелічэнне штрафаў або стварэнне перашкодаў для бізнесу. Яны павінны зрабіць працэдуры бяспечнымі як для майстроў, так і для кліентаў. Рэкамендацыі датычацца касметалагічных працэдур, татуіроўкі, стрыжкі і манікюру, а таксама асобаў, якія адказваюць за арганізацыю такой працы.
У Польшчы з пачатку 2026 года працягваецца спрэчка паміж лекарамі і касметолагамі наконт права праводзіць інвазійныя эстэтычныя працэдуры. Міністэрства аховы здароўя заяўляе, што іх павінны выконваць лекары і стаматолагі з адпаведнай медыцынскай кваліфікацыяй.
iar/эж