Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы падпісала рамачнае пагадненне аб пастаўцы некалькіх тысяч партатыўных зенітна-ракетных комплексаў «Piorun» для войска.
Міністр нацыянальнай абароны і віцэ-прэм'ер Уладзіслаў Касіняк-Камыш называе падпісанае пагадненне прарыўным для гісторыі польскай абароннай прамысловасці.
«Piorun» будуць вырабляцца на заводзе «MESKO» ў Скаржыска-Каменнай. Больш за 80% замовы будзе выканана ў рамках еўрапейскага інструмента SAFE і пойдзе ў польскую армію, а астатняя частка будзе накіравана на падтрымку іншых краін НАТА.
Уладзіслаў Касіняк-Камыш падкрэсліў, што ракетныя комплексы «Piorun» зʼяўляюцца экспартным прадуктам польскай прамысловасці.
— Гэта найлепшая марка са Скаржыска-Каменнай, з Польшчы, якую мы сёння можам пастаўляць і самой Польшчы, і нашым саюзнікам. Гэта вялікі дзень для «MESKO», таксама і для войска. Кантракт на восем мільярдаў злотых. Самы вялікі ў гісторыі кантракт на пакупку комплексаў «Piorun».
Уладзіслаў Касіняк-Камыш дадаў, што ўнікальнасць гэтага пагаднення заключаецца таксама ў яго міжнародным характары, бо ў гэтым праекце ўдзельнічаюць Літва, Латвія і Каралеўства Нарвегія.
«Piorun» — гэта зброя СПА вельмі малой далёкасці, якая выкарыстоўваецца для барацьбы з беспілотнікамі, верталётамі, самалётамі і крылатымі ракетамі.
ав