Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Палякі адзначаюць Дзень салідарнасці і свабоды

31.08.2026 15:30
Дзень салідарнасці і свабоды адзначаецца ў гадавіну падпісання «Жнівеньскіх пагадненняў».
-
Прэм'ер-міністр Дональд Туск PAP/Tomasz Waszczuk

— Гэтыя падзеі далі мужнасць і надзею, — так прэм'ер-міністр Дональд Туск успамінае падпісанне «Жнівеньскіх пагадненняў».

31 жніўня 1980 года, пасля 18 дзён забастоўкі і пасля шматдзённых перамоваў паміж страйкоўцамі і ўрадам на Гданьскай суднаверфі была падпісаная гістарычная дамова — адно з чатырох жнівеньскіх пагадненняў. Гэта адкрыла шлях да стварэння прафсаюзу «Салідарнасць» і дало пачатак палітычным зменам у Польшчы. Падчас цырымоніі перад Гданьскай верфʼю прэмʼер-міністр Дональд Туск сказаў, што гэта быў урок для ўсяго грамадства:

 Мы навучыліся «трымацца моцна за вяроўку» і ніколі не глядзець уніз і давяраць тым, з кім мы працуем. Мы памяталі ўрок жнівеньскага страйку: калі ў чалавека ёсць добрая воля, адкрытыя вочы і адкрытае сэрца, ён можа адрозніць хлусню ад праўды. Гэта момант, калі я думаю пра ўсё сваё жыццё, a гэтае моцнае «трыманне за вяроўку» і мужнасць паходзяць менавіта з Гданьскай верфі,  сказаў Дональд Туск.

Падпісанне пагадненняў паклала канец двухмесячнай хвалі забастовак па ўсёй Польшчы. Камуністычныя ўлады пагадзіліся, сярод іншага, на стварэнне незалежных прафсаюзаў, права на страйк, будаўніцтва помніка ахвярам снежня 1970 года, трансляцыю нядзельных імшаў па Польскім радыё і абмежаванне цэнзуры.

Падпісанне пагадненняў таксама дало пачатак працэсу падзення камунізму ў Польшчы і, ускосна, палітычным зменам у іншых еўрапейскіх краінах камуністычнага блока.

У 2005 годзе Сейм абвясціў 31 жніўня нацыянальным святам. Яно вядомае як Дзень салідарнасці і свабоды.

IAR/aз