Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Мінабароны Польшчы: Амерыканскія перамоўшчыкі прыбудуць у Польшчу, каб абмеркаваць пытанне пастаянных вайсковых базаў

03.09.2026 11:20
З амерыканскі бок таксама гатовы хутка завяршыць перамовы, пераконвае віцэ-міністр Павел Залеўскі.
Сцяг ЗШАoohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

Бліжэйшым часам з візітам у Польшчу прыбудуць амерыканскія перамоўшчыкі, каб абмеркаваць пытанне пастаяннай вайсковай прысутнасці ЗША ў Польшчы, паведаміў у эфіры RMF FM віцэ-міністр нацыянальнай абароны Польшчы Павел Залеўскі, які на мінулым тыдні сустракаўся з намеснікам міністра абароны ЗША Элбрыджам Колбі.

— Мы дамовіліся аб візіце групы амерыканскіх перамоўшчыкаў у Польшчу, — сказаў Залеўскі.

Ён дадаў, што гэта адбудзецца «вельмі хутка», бо з амерыканскага боку таксама ёсць гатоўнасць хутка завяршыць перамовы.

— Амерыканцы хочуць пастаянных базаў не ў рамках нейкага дабрачыннага жэсту ў адносінах да Польшчы, а таму, што яны лічаць, што маюць у Польшчы настолькі важныя інтарэсы, што хочуць знаходзіцца тут пастаянна, — падкрэсліў палітык.

Польшча даўно імкнецца павялічыць пастаянную прысутнасць амерыканскіх войскаў на сваёй тэрыторыі. У цяперашні час амерыканскія жаўнеры размешчаны ў Польшчы ў асноўным на ратацыйнай аснове. Пастаянная прысутнасць азначала б разгортванне пэўных амерыканскіх падраздзяленняў у Польшчы на працяглы перыяд разам з інфраструктурай і аб'ектамі для вайскоўцаў і іх семʼяў.

Павел Залеўскі размаўляў з Элбрыджам Колбі ў мінулы чацвер у Бруселі падчас візіту намесніка кіраўніка Пентагона ў Еўропу з мэтай абмеркаваць «НАТА 3.0». Гэта канцэпцыя адміністрацыі Дональда Трампа, згодна з якой Еўропа павінна ўзяць на сябе большую адказнасць за канвенцыйную абарону кантынента.

PAP/аз