— Мы блізкія да прарыву, — заявіў у Люксембургу намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Душчык, адказваючы на пытанне брусельскай карэспандэнткі Польскага радыё Беаты Пламецкай.
Гэтае пытанне з'яўляецца адной з тэм парадку дня сустрэчы міністраў унутраных спраў ЕС у Люксембургу. Польшча даўно заклікае да ўзмацнення кантролю на межах, каб перашкодзіць сабатажу і інфільтрацыі расійскіх спецслужбаў. Ціск аднавіўся пасля спробы нападу на ўкраінскі грузавы самалёт з дапамогай узброенага беспілотніка ў аэрапорце Лейпцыга.
— Гэтая дыскусія рухаецца ў кірунку, калі ўсё больш краін фактычна падтрымліваюць гэтыя ідэі. Фактычна, пасля таго, што адбылося ў Лейпцыгу, расіяне сапраўды нясуць адказнасць. Германія таксама далучылася да гэтай групы, рашуча падтрымаўшы змену візавай палітыкі ў дачыненні да расіянаў, асабліва калі гаворка ідзе пра турыстычныя візы, бо яны выкарыстоўваюцца найбольш часта. Я думаю, што мы вельмі блізкія да прарыву, — сказаў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі.
Мацей Душчык дадаў, што сёння не варта чакаць ніякіх рашэнняў, але пытанне вернецца на кастрычніцкі саміт у Бруселі з удзелам еўрапейскіх лідараў.
Што да пытання турыстычных віз для расіянаў, то Польшча была сярод групы з прыкладна дзясятка краін, якія заклікалі да абмежаванняў у чэрвені. Гэтыя краіны сцвярджалі, што колькасць расійскіх турыстаў на еўрапейскіх курортах расце, у той час як Расія бамбіць Украіну. Тады Францыя, Італія і Іспанія адмовіліся пагадзіцца на абмежаванні. Дарэчы, паводле нядаўна апублікаваных дадзеных, гэтыя краіны выдаюць найбольш турыстычных віз расіянам. Польшча і краіны Балтыі амаль не выдаюць.
ав