Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Еўракамісія выказалася наконт крызісу вакол Канстытуцыйнага суда Польшчы

01.11.2026 18:10
Абранне новых суддзяў уваходзіць у кампетэнцыю Сейма — прадстаўнік ЕК.
     .
Паліцыя ахоўвае будынак Канстытуцыйнага суда Польшчы. PAP/Radek Pietruszka

Еўрапейская камісія ўважліва сочыць за падзеямі вакол Канстытуцыйнага суда Польшчы, паведаміў еўракамісар, адказны за пытанні вяршэнства права, Майкл Макграт у пісьмовым каментары Польскаму радыё.

Паводле яго слоў, паўнавартасная праца Суда мае важнае значэнне для польскіх грамадзян, а забяспечыць неабходныя для гэтага ўмовы павінны ўлады краіны.

— Хачу звярнуць увагу на тое, што Венецыянская камісія выразна заявіла: абранне новых суддзяў уваходзіць у кампетэнцыю Сейма. Поўнае выкананне прынцыпу вяршэнства права — гэта тое, чаго чакаюць польскія грамадзяне і чаго яны заслугоўваюць, — напісаў Макграт.

Еўракамісар спаслаўся на заключэнне Венецыянскай камісіі — кансультатыўнага органа Рады Еўропы, якое было апублікаванае 13 кастрычніка. Згодна з дакументам, прэзідэнт павінен неадкладна прымаць прысягу суддзяў Канстытуцыйнага суда, абраных Сеймам, не прысвойваючы сабе паўнамоцтваў па пераглядзе працэдуры іх абрання.

Камісія таксама зазначыла, што пры адмове прэзідэнта або зацягванні працэдуры прысяга можа быць прынятая суддзямі без яго фізічнай прысутнасці. Пры гэтым неабходна выканаць устаноўленыя ўмовы: яна павінна быць прынесеная ў прадугледжанай форме, належным чынам засведчаная, адрасаваная прэзідэнту і афіцыйна яму перададзеная.

Прэзідэнт Караль Наўроцкі да гэтага часу не прыняў прысягу пяцярых суддзяў Суда, абраных Сеймам. З-за гэтага старшыня Суда Богдан Свянчкоўскі не дапускаў іх да разгляду спраў.

Новае абвастрэнне канфлікту адбылося ў пятніцу, 30 кастрычніка. На сайце Канстытуцыйнага суда з'явілася паведамленне аб часовым прыпыненні выканання службовых абавязкаў старшыні Богданам Свянчкоўскім. Дакумент падпісала суддзя Ганна Корвін-Пятроўска. У паведамленні гаварылася, што яна замяшчае старшыню і кіруе працай Суда як суддзя з найдаўжэйшым прафесійным стажам.

вс