Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск возьме ўдзел у пасяджэнні Рады нацыянальнай бяспекі, якое адбудзецца 3 лістапада ў прэзідэнцкім палацы ў Варшаве. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар урада Адам Шлапка на фоне спрэчак вакол запрашэння прадстаўнікоў партыі «Канфедэрацыя Кароны Польскай» Гжэгажа Браўна.
— Прэзідэнт вырашыў склікаць Раду нацыянальнай бяспекі. Вядома, прэм’ер будзе ў ёй удзельнічаць, — пацвердзіў Шлапка.
Пры гэтым Шлапка раскрытыкаваў фармат сустрэчы, бо сярод удзельнікаў будуць прадстаўнікі «Канфедэрацыі Кароны Польскай», якіх урад лічыць адкрыта прарасійскімі.
— У такой сітуацыі дыскусія будзе праходзіць так, што можна будзе абмяркоўваць толькі адкрытую інфармацыю, — адзначыў прэс-сакратар урада Польшчы.
Паводле яго, калі прэзідэнт Караль Наўроцкі хоча абменьвацца сакрэтнымі звесткамі, пасяджэнне трэба арганізаваць так, каб не ўзнікала праблем з допускам удзельнікаў да сакрэтнай інфармацыі.
У парадку дня пасяджэння Рады нацыянальнай бяспекі — бяспека і стварэнне пастаяннай амерыканскай ваеннай базы ў Польшчы. Таксама яе ўдзельнікі могуць абмеркаваць крызіс вакол Канстытуцыйнага суда Польшчы.
iar/pap/эж