У двух польскіх ваяводствах — Падляшскім і Вармінска-Мазурскім — 2 лістапада пачалася спецыяльная аперацыя паліцыі і іншых сілавых ведамстваў для прадухілення магчымых дыверсій. Рашэнне прынялі пасля сігналаў польскай ваеннай разведкі і спецслужбаў краін-саюзніц па НАТА пра пагрозу правакацый на мяжы з Каралявецкай (Калінінградскай) вобласцю Расіі.
Да аперацыі далучаныя паліцыя, Памежная варта, Войска Польскае, спецслужбы і антытэрарыстычныя падраздзяленні. У Падляскае ваяводства дадаткова накіравалі ўзмоцненыя паліцэйскія сілы. Асаблівую ўвагу надаюць памежным раёнам і стратэгічным аб’ектам.
Прадстаўнік галоўнага каменданта паліцыі Анджэй Фіялек заклікаў жыхароў паведамляць пра падазроных незнаёмцаў, у тым ліку тых, хто назірае за аб’ектамі праз біноклі або выкарыстоўвае дроны.
Паводле кіраўніка паліцыі Польшчы Марэка Бораня, аперацыя мае папераджальны характар. У Галоўным упраўленні паліцыі Польшчы стварылі штаб гэтай спецыяльнай аперацыі. Яе працягласць пакуль не вызначаная.
iar/ez