З 5 лістапада ў Польшчы пачынаюць дзейнічаць новыя нормы Працоўнага кодэкса, накіраваныя на ўзмацненне абароны работнікаў ад мобінгу — сістэматычнага псіхалагічнага цкавання і пераследу на працоўным месцы.
Згодна з новымі правіламі, мобінг вызначаецца як настойлівы, паўторны або пастаянны пераслед работніка. Такія дзеянні могуць мець фізічны, слоўны або невербальны характар. Іх ініцыятарам можа быць не толькі кіраўнік, але і калега, падначалены, асобны чалавек або група людзей.
Як патлумачыла Польскаму агенцтву друку адвакат Дарота Дудэк з Польскага таварыства антыдыскрымінацыйнага права, цяпер пацярпеламу не трэба даказваць, што пераслед выклікаў у яго пачуццё прыніжэння або ізаляцыі ў калектыве. Пры гэтым намер крыўдзіцеля таксама не мае вырашальнага значэння.
Экспертка падкрэсліла, што абгрунтаваная крытыка працы або патрабаванне выконваць службовыя абавязкі не лічацца мобінгам. Аднак рэгулярнае высмейванне супрацоўніка і публічнае прыніжэнне яго прафесійных здольнасцей могуць быць прызнаныя пераследам.
Работнік, які стаў ахвярай мобінгу, зможа патрабаваць ад працадаўцы грашовую кампенсацыю ў памеры не менш як шэсць мінімальных месячных заробкаў, а таксама пакрыццё нанесенай шкоды. Пры гэтым абавязак прадставіць суду доказы мобінгу па-ранейшаму ўскладаецца на пацярпелага.
Новы закон таксама ўдакладняе правілы абароны ад дыскрымінацыі на працы.
Працадаўцы атрымаюць шэсць месяцаў — да 5 мая 2027 года — на распрацоўку і ўкараненне ўнутраных працэдур супрацьдзеяння мобінгу.
На думку Дароты Дудэк, дзякуючы новым правілам колькасць судовых спраў аб мобінгу і станоўчых для пацярпелых рашэнняў можа павялічыцца.
PAP/яс