Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Польшчы затрымалі шэсць чалавек па падазрэнні ў шпіянажы на карысць Расіі

05.11.2026 13:02
Група займалася незаконнымі пастаўкамі ў Расію матэрыялаў для вытворчасці боепрыпасаў і сістэм узбраення, прызначаных для арміі.
 ABW
Афіцэры ABWAutor. Agencja Bezpieczeństwa Wewnętrznego

Супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы затрымалі шэсць чалавек у справе аб шпіянажы на карысць Расіі. Сярод затрыманых — пяцёра палякаў ва ўзросце ад 25 да 52 гадоў і 37-гадовая грамадзянка Расіі. Чатырох чалавек узялі пад варту.

З 21 кастрычніка па 2 лістапада супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі правялі ператрусы ў 21 месцы на тэрыторыі трох ваяводстваў.

Паводле следства, затрыманыя дзейнічалі ў інтарэсах расійскіх спецслужбаў. Група займалася незаконнымі пастаўкамі ў Расію матэрыялаў для вытворчасці боепрыпасаў і сістэм узбраення, прызначаных для арміі.

Як высветлілі следчыя, група дзейнічала з чэрвеня 2023 года прынамсі да снежня 2025 года на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Расіі. Асобныя ўдзельнікі адказвалі за заказ і закупку тавараў, арганізацыю іх атрымання і дастаўку ў Калінінградскую вобласць Расіі.

Падазраваныя неаднаразова перасякалі польска-расійскую мяжу. Частку грузаў затрымалі польскія памежныя службы. Паводле папярэдніх ацэнак, кошт кампанентаў боепрыпасаў, закупленых і незаконна вывезеных у Расію, перавышае два мільёны злотых.

Усім шасці затрыманым выставілі абвінавачанні ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, а чацвярым з іх — таксама ў шпіянажы. Расследаванне працягваецца, магчымыя новыя затрыманні.

З пачатку 2024 года ў Польшчы ўжо каля ста чалавек сталі падазраванымі ў справах аб шпіянажы і дыверсіях.

IAR/яс