Хакеры могуць парушыць працу халадзільных складоў, дзе захоўваецца кроў, прадукты харчавання і нават сістэмы ахалоджвання сервераў. Гэта можа прывесці да страты медычных матэрыялаў, спынення паставак у крамы або недаступнасці лічбавых паслуг, папярэдзіў эксперт па кібербяспецы Кшыштаф Смага ў інтэрвʼю PAP.
Інжынер адзначыў, што сістэмы халадзільных складоў усё часцей падключаюцца да Інтэрнэту, што дазваляе дыстанцыйна кантраляваць іх працу, але таксама стварае новыя магчымасці для кібератак.
Згодна з дадзенымі, якія сабраў эксперт, за нядаўнімі атакамі на інфраструктуру халадзільных складоў, верагодна, стаяць дзве групы, звязаныя з Расіяй. Ён ацаніў, што такія аперацыі патрабуюць значных рэсурсаў і могуць быць выкарыстаныя для дэманстрацыі сілы і здольнасці парушыць функцыянаванне інфраструктуры праціўніка.
Адзін з найбольш небяспечных сцэнарыяў — гэта атака на прылады, якія выкарыстоўваюцца для захоўвання крыві, прызначанай для пералівання. Смага падкрэсліў, што кроў павінна захоўвацца ў строга вызначаных умовах, і парушэнне гэтых умоў можа зрабіць яе непрыдатнай для выкарыстання.
Кібератакі на сістэмы халадзільных складоў таксама могуць паўплываць на харчовы сектар. Паводле слоў эксперта, асабліва небяспечнымі будуць перабоі ў працы буйных лагістычных цэнтраў, якія адначасова забяспечваюць шмат крам.
Эксперт адзначыў, што кіберзлачынцы могуць атрымаць доступ да прамысловых сістэм з дапамогай фішынгу, гэта значыць выведвання ў супрацоўнікаў даных для доступу, і выкарыстання ўразлівасцяў у праграмным забеспячэнні. Праблема заключаецца ў рэдкіх абнаўленнях, а часам і ў поўнай адсутнасці падтрымкі вытворцаў.
У кастрычніку каля 700 супермаркетаў у Францыі пацярпелі ад кібератакі, накіраванай на халадзільныя сістэмы. Хакеры ўзялі пад кантроль халадзільнікі і маразільнікі, а затым змянілі тэмпературу, што прывяло да псавання прадуктаў харчавання і фінансавых страт у крамах. У пачатку лістапада кібератакі на халадзільныя сістэмы былі таксама пацверджаны ў Ірландыі, Швецыі, Бельгіі, Партугаліі і Люксембургу.
PAP/юл