Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы затрымала двух грамадзян Украіны, падазраваных у шпіянажы і дыверсійнай дзейнасці па замове расійскіх спецслужбаў.
Абодвум затрыманым прадʼяўленыя абвінавачванні ва ўдзеле ў расійскай разведвальнай дзейнасці супраць Рэспублікі Польшча і ў здзяйсненні акту дыверсіі шляхам падпалу транспартных сродкаў у буйным польскім горадзе. Абвінавачванні таксама ўключаюць збор інфармацыі аб ваенных абʼектах і крытычна важнай інфраструктуры ў Польшчы.
— Мужчыны ідэнтыфікавалі і фатаграфавалі крытычна важныя абʼекты і ваенную інфраструктуру ў Польшчы. Акрамя шпіянажу і дыверсіі, ім таксама прадʼяўленыя абвінавачванні ў падпале транспартных сродкаў, — паведаміў міністр Томаш Сямоняк на X.
Арышт двух грамадзян Украіны ва ўзросце 24 і 25 гадоў адбыўся 3 лістапада ў Мінску-Мазавецкім. Пракуратура паведаміла, што ў іх доме і іншых месцах былі праведзены ператрусы, а таксама канфіскаваныя носьбіты інфармацыі і наркотыкі. Расследаванне праводзіцца пад наглядам Лодзінскага аддзялення Нацыянальнай пракуратуры.
Пракурор прадʼявіў абвінавачванні затрыманым 4 лістапада. Суд таксама задаволіў хадайніцтвы пракурора і прызначыў падазраваным трохмесячны папярэдні арышт. Пракуратура паведаміла, што вынікі расследавання сведчаць аб тым, што дыверсійная дзейнасць была праведзена па заданні расійскіх службаў і накіравана на распальванне антыўкраінскіх настрояў.
— Перад падпалам транспартных сродкаў падазраваныя змянілі свае нумарныя знакі на тыя, што выкарыстоўваюцца на транспартных сродках, якія належаць украінскай арміі, — адзначаецца ў паведамленні.
Паводле звестак пракуратуры, мужчыны атрымлівалі ўзнагароджанне за сваю працу, у тым ліку ў крыптавалютах. Злачынствы, у якіх абвінавачваюцца падазраваныя, караюцца пажыццёвым зняволеннем.
Сямоняк нагадаў, што амаль 100 чалавек ужо былі прызнаныя падазраванымі ў рамках расследаванняў шпіянажу і дыверсій, якія праводзіла Агенцтва ўнутранай бяспекі з 1 студзеня 2024 года.
PAP/ав