Польшча і ЗША дамовіліся паглыбіць супрацоўніцтва ў абароннай прамысловасці. 10 лістапада ў Вашынгтоне віцэ-прэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш і міністр вайны ЗША Піт Хэгсэт падпісалі ліст аб намерах па гэтым пытанні. Таксама бакі абмеркавалі магчымасць стварэння ў Польшчы пастаяннай амерыканскай вайсковай базы.
Хэгсэт адзначыў, што НАТА — гэта альянс, засяроджаны на рэальным стрымліванні, і Польшча даўно працуе ў гэтым кірунку.
— Польшча паказвае прыклад, выдзяляючы на абарону 5% ВУП і рыхтуючы свае ўзброеныя сілы да падтрымання баяздольнасці. Польшча стварае адну з самых уражлівых армій у Еўропе, гатовую ахоўваць свае межы і абараняць сваю тэрыторыю, — заявіў амерыканскі палітык.
Амерыканскі міністр таксама назваў адносіны дзвюх краін «цвёрдымі, як скала», заснаванымі на агульных стратэгічных інтарэсах, а Польшчу — узорным саюзнікам.
У сваю чаргу, Касіняк-Камыш падзякаваў ЗША за працу над размяшчэннем дадатковых пяці тысяч амерыканскіх вайскоўцаў у Польшчы. Паводле яго, бакі таксама абмяркоўваюць узмацненне пастаяннай прысутнасці амерыканскіх войскаў, а падрабязнасці могуць абвясціць найбліжэйшым часам.
— У справе размяшчэння сталай амерыканскай базы ў Польшчы зроблены яшчэ адзін крок. Пентагон згодзен з такім планам, — удакладніў Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
iar/pap/эж