Беларуская Служба

Расія не прадоўжыла візаў замежным настаўнікам

17.07.2019 14:12
З-за гэтага школа для дзяцей дыпламатаў у Маскве будзе прымушана абмежаваць набор вучняў.
Здымак мае ілюстрацыйны характарshutterstock.com/Andrey_Popov

Расія не прадоўжыла візаў больш чым 30 замежным настаўнікам. Іншаземцы працавалі ў англа-амерыканскай школе ў Маскве, дзе вучацца дзеці заходніх дыпламатаў. Паводле радыё „Эхо Мoсквы”, дзеянне Міністэрства замежных спраў Расіі можа быць адказам на падобныя крокі ЗША.

Радыёстанцыя нагадала, што амерыканскія ўлады закрылі некалькі расійскіх устаноў, якія дзейнічалі ў ЗША і перанялі некаторыя будынкі, якія выкарыстоўвалі расійскія дыпламаты.

У англа-амерыканскай школе ў Маскве вучыцца каля тысячы дзяцей з некалькіх дзясяткаў краін свету. Іх бацькі працуюць у дыпламатычных прадстаўніцтвах або прадстаўніцтвах бізнес-арганізацыяў. Радыё „Эхо Мoсквы”, спасылаючыся на New York Times тлумачыць, што з-за недахопу настаўнікаў у новым навучальным годзе ўстанова будзе прымушаная скараціць набор вучняў.

Абмежаванні закрануць перш за ўсё дзяцей замежных бізнесменаў, паколькі дзеці дыпламатаў прымаюцца ў школу па-за чаргой. Гэта ў сваю чаргу можа адмоўна паўплываць на інвестыцыйную прывабнасць Расіі.

аз