Нечаканыя аперацыі на Маскоўскай біржы за некалькі дзён да нападу ў Саудаўскай Аравіі сведчаць аб тым, што хтосьці ў Расіі ведаў, што будуць напады, пасля чаго кошт нафты вырасце, кажа расійскі эксперт Міхаіл Круціхін.
«За некалькі дзён да нападу 11 верасня маскоўскі фондавы рынак раптам пачаў купляць ф'ючэрсныя кантракты на нафту па нізкай цане. Іх продаж за адзін дзень павялічыўся на 174 працэнты. Рабіла гэта фізічная асоба», – заявіў аналітык у каментары французскай радыёстанцыі RFI.
«Калі нешта падобнае адбылося б не ў Расіі, а ў іншай краіне, яны б адразу распачалі расследаванне, бо хтосьці добра зарабіў на гэтым», – сказаў Міхаіл Круціхін.
Паводле яго слоў, крыніцай такой інфармацыі маглі быць разведвальныя колы, якія перадалі яе гульцам на рынку, або «людзі, якія гуляюць на рынку, самі з разведвальных службаў». Гэта маглі быць і «людзі, якія неяк удзельнічалі ў падрыхтоўцы гэтай ваеннай аперацыі, а таксама тыя, хто яе праводзіў», – выказаў меркаванне Круціхін.
Вядомы каментатар энергетычнага рынку прагназуе падзенне коштаў на нафту ў выніку эканамічнага заняпаду, які, як мяркуецца, неўзабаве адабʼецца на сусветнай эканоміцы.
«Нягледзячы на тое, што Расія зараз атрымлівае выгаду з высокіх коштаў на нафту, яна можа стаць адной з галоўных ахвяраў такой рэцэсіі. «Калі кошты ў 40 долараў за барэль захаваюцца на працягу 2,5-3 гадоў, Расія можа паўтарыць лёс Савецкага Саюза», – заявіў расійскі аналітык Міхаіл Круціхін.
яс