Беларуская Служба

У Паўночнай Карэі з'явіўся новы горад – «узор цывілізацыі»

03.12.2019 13:22
Паўночнакарэйскія ўлады прадставілі гэты горад як мадэль, якую павінны пераймаць іншыя населеныя пункты.
.
Тав. Кім Чэн Ын адкрывае горад СамчжыёнPAP/EPA/KCNA

«Пад гучныя воклічы »Ура!« прагрымеў святочны салют і былі запушчаны шарыкі, якія ўпрыгожылі неба павятовага цэнтру Самчжыён», – паведаміла Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі (ЦТАК). Дывізія ваенных будаўнікоў, якая ўзводзіла абʼекты, прайшла страявым крокам перад удзельнікамі ўрачыстасцяў.

ЦТАК паведаміла, што ў горадзе, здольным змясціць 4 тыс. семʼяў, былі пабудаваны новыя кватэрныя дамы, гарналыжная траса, стадыён і многае іншае.

Аднак ёсць сведчанні таго, што для ўзвядзення гэтага ўзорна-паказальнага гораду выкарыстоўвалася прымусовая праца.

Сам жа горад, нават калі афіцыйныя паведамленні ў хоць нейкай ступені адпавядаюць рэчаіснасці, стане выключэннем для Паўночнай Карэі, большасць насельніцтва якой жыве ў беднасці і галечы.

Па словах карэспандэнта сайта навінаў NK News Коліна Звірко, для Паўночнай Карэі горад сапраўды зʼяўляецца ўзорна-паказальным.

«Тут ёсць прыгожыя, чыстыя фасады, мудрагеліста спраектаваныя будынкі, што не ўласціва для іншых паўночнакарэйскіх гарадоў. Турыст не наткнецца тут на недагледжаныя акраіны, якія можна ўбачыць у Пхеньяне ды іншых гарадах».

Самчжыён – горад невялікі, усяго 2-3 км у дыяметры, і яго лёгка абыйсці пешшу. У афіцыйнай цырымоніі адкрыцця гораду ўдзельнічаў асабіста кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын.

Сума, выдаткаваная на будаўніцтва, невядомая. Але будаваўся ён у час жорсткіх санкцый, накладзеных на краіну, і сам факт завяршэння будоўлі сведчыць пра тое, што ўлады ўскладаюць на праект вялікія надзеі.

Паўночнакарэйскія ўлады прадставілі гэты горад як мадэль, якую павінны пераймаць іншыя населеныя пункты.

Сімвалічнае значэнне будоўлі заключаецца ў тым, што горад знаходзіцца паблізу ад гары Пэктусан, якая ў Паўночнай Карэі лічыцца святой.

Паводле легенды і афіцыйнай біяграфіі, менавіта на гэтай гары, у таемным партызанскім лагеры нарадзіўся былы лідар краіны Кім Чэн Ір, бацька Кім Чэн Ына. Аднак, паводле звестак савецкіх і кітайскіх архіваў, Кім Чэн Ір нарадзіўся ў 1941 годзе ў вёсцы Вяцкае Хабараўскага краю і правёў там раняе дзяцінства.

паводле bbc.com/эж