Прэзідэнт ЗША заявіў, што іранскі генерал Касем Сулеймані, які надоечы быў забіты ў выніку ўдару, нанесенага амерыканскімі беспілотнікамі па аэрапорце ў Багдадзе, планаваў тэрарыстычныя атакі на чатыры дыппрадстаўніцтвы ЗША.
У інтэрв'ю тэлеканалу Fox News Дональд Трамп сцвердзіў, што быў вымушаны прадпрыняць радыкальныя меры, каб ратаваць жыццё амерыканцаў.
Белы дом апраўдаў забойства Касема Сулеймані прамой пагрозай жыццю грамадзян ЗША і амерыканскім аб'ектам.
Тым часам палітыкі Дэмакратычнай партыі і некаторыя рэспубліканцы сцвярджаюць, што ўрад не прадставіў пераканаўчых доказаў таго, што Іран планаваў такія акцыі.
У інтэрв'ю Fox News прэзідэнт Дональд Трамп пераконваў, што Сулейман планаваў маштабную атаку. Паводле яго, верагоднай мэтай нападу мела быць, між іншым, амерыканскае пасольства ў Багдадзе.
Пра прамую пагрозу з боку Ірана гаварыў таксама дзяржсакратар ЗША. “У нас была канкрэтная інфармацыя пра планаваныя неадкладныя напады на амбасады ЗША”, - сказаў Майк Пампеа. Кіраўнік амерыканскай дыпламатыі раскрытыкаваў апазіцыйных палітыкаў, якія ставяць пад сумнеў тлумачэнні Белага дома.
аз