Прэзідэнт Сусветнага яўрэйскага кангрэса Рональд Лаўдэр не будзе ўдзельнічаць у цырымоніях, прымеркаваных да вызвалення Асвенціма, якія адбудуцца ў Ерусаліме. Арганізатарам мерапрыемства з'яўляецца прапуцінскі алігарх Вячаслаў Мошэ Кантар. Лаўдэр прыедзе ў Польшчу, каб ушанаваць памяць ахвяр канцлагеру «Аўшвіц-Біркенаў».
У чацвер, 23 студзеня, у Ерусаліме адбудзецца Пяты сусветны форум Галакоста з нагоды 75-годдзя вызвалення нямецкага нацысцкага лагера «Аўшвіц-Біркенаў».
Прэзідэнт Анджэй Дуда, якому арганізатары не дазволілі выступіць на мерапрыемстве, не паедзе на форум. На ўрачыстасцях у Ерусаліме з прамовай выступіць, сярод іншых, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
27 студзеня, у дзень вызвалення канцлагера, урачыстасці адбудуцца на тэрыторыі канцлагера ў Польшчы. Музей у Асвенціме паведаміў, што 54 дзяржаўныя дэлегацыі і прадстаўнікі міжнародных арганізацый пацвердзілі свой удзел.
Прымаючым бокам выступіць прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Найбольш важнымі ўдзельнікамі стануць былыя вязні канцлагера: з усяго свету прыедзе больш за дзвесце чалавек.
Адной з важных персон стане Рональд Лаўдэр, старшыня Сусветнага габрэйскага кангрэса.
Як паведамляе ізраільскае выданне «Гаарэц», Рональд Лаўдэр і Мошэ Кантар, які з'яўляецца кіраўніком Еўрапейскага яўрэйскага кангрэса, канкуруюць паміж сабой за ўплыў у асяроддзі юдэяў.
«Гэтыя арганізацыі не супрацоўнічаюць паміж сабой, і Лаўдэр не зʼявіцца на цырымоніі ў інстытуце Яд ва-Шэм, але возьме ўдзел ва ўрачыстасцях у Асвенціме», – піша газета.
яс