Група рускіх інтэлектуалаў і мастакоў напісала ліст палітвязням. У ім яны запэўніваюць рэпрэсаваных у сваёй салідарнасці і нагадваюць, што кожную пятніцу яны будуць ладзіць пікеты ў іх абарону.
Ліст падпісалі больш за сто пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў, выдаўцоў і дзеячаў культуры. Лідар апазіцыйнай Партыі народнай свабоды Ілля Яшын у адным з інтэрв'ю Польскаму радыё патлумачыў, што расіяне, з аднаго боку, стаміліся ад рэжыму, а з другога – дагэтуль баяцца рэпрэсій:
-Супраць такога сваволля трэба пратэставаць. Аднак людзі баяцца. Яны баяцца страціць працу, баяцца трапіць за краты па сфальсіфікаваных справах. Некаторыя проста баяцца страціць жыццё, бо ўжо рэгулярна здараюцца ўзброеныя напады на дзеячаў апазіцыі.
Паводле дадзеных праваабарончага цэнтру «Мемарыял», у Расіі налічваецца 64 палітвязні і не менш за 500 чалавек з'яўляюцца ахвярамі рознага роду рэпрэсій і пераследу. На ўзмацненне рэпрэсій супраць апанентаў уладароў Крамля звяртаюць увагу праваабарончыя арганізацыі.
IAR/эж