Саступкі Літвы польскаму канцэрну «Орлен», які кіруе нафтаперапрацоўчым заводам у Мажэйках, паспрыялі двухбаковым адносінам. Такое меркаванне выказаў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў інтэрв'ю парталу Delfi.
Гітанас Наўседа нагадаў, што з самага пачатку свайго кіравання паслядоўна заяўляе, што Польшча зʼяўляецца стратэгічным партнёрам Літвы. Літоўскі лідар звярнуў увагу на тое, што краіны маюць шмат агульных інтарэсаў і ў іх практычна няма спрэчных пунктаў. Выключэнне складае напісанне польскіх прозвішчаў у літоўскіх дакументах.
Прэзідэнт Літвы заявіў, што польскія палітыкі падымаюць гэтае пытанне, але робяць гэта «вельмі ласкава і без ціску». Гітанас Науседа лічыць, што літоўскі Сейм павінен дазволіць арыгінальны запіс імёнаў і прозвішчаў палякаў на другой старонцы пашпарта. На яго думку, гэта павінна адбыцца пасля восеньскіх парламенцкіх выбараў у Літве.
Гітанас Наўседа запэўніваў, што яго звязваюць сяброўскія адносіны з польскім калегам Анджэем Дудам. Доказам гэтага стала запрашэнне пакатацца на лыжах у рэзідэнцыю прэзідэнта Анджэя Дуды на поўдні Польшчы.
IAR/эж