Расіянін, якога падазраюць у тым, што ён у Берліне забіў чачэнскага палявога камандзіра Зелемхана Хангашвілі, наведваў навучальныя базы цэнтра спецыяльнага прызначэння Федэральнай службы бяспекі Расіі. Такія вынікі сумеснага расследавання розных СМІ, паведамляе польскі інтэрнэт-партал niezalezna.pl.
Білінгі мабільнага тэлефона Вадзіма Красікава паказваюць, што доўгі час у 2019 годзе ён знаходзіўся на навучальных базах цэнтра спецыяльнага прызначэння Федэральнай службы бяспекі і часта кантактаваў з супрацоўнікамі элітнага антытэрарыстычнага падраздзялення ФСБ «Вымпел», – усталявалі «Insider», «Bellingcat» і «Spiegel».
У справаздачы аб расследаванні СМІ было напісана, што ў 2019 годзе Красікаў 8 разоў наведваў базу цэнтру спецыяльнага прызначэння ФСБ у Балашысе (Маскоўская вобласць), апошні раз 8 жніўня – за некалькі дзён да выезду ў Еўропу.
На працягу гэтага года ён таксама наведаў навучальныя базы ў Балашысе і пасёлку Аверкіява, а таксама офіс асацыяцыі «Вымпел-A» і дом на праспекце Вярнадскага 12, дзе размешчаны Нацыянальны антытэрарыстычны цэнтр і аналітычны цэнтр ФСБ.
Забіты ў Берліне Хангашвілі прымаў актыўны ўдзел у другой чачэнскай вайне, ваяваў у аддзяленні палявога камандзіра Шаміля Басаева. Падчас расійскай агрэсіі супраць Грузіі ў 2008 годзе ён арганізаваў атрад з 200 добраахвотнікаў для барацьбы з крамлёўскімі сіламі.
Неўзабаве пасля забойства Хангашвілі, 24 жніўня, берлінская паліцыя затрымала грамадзяніна Расіі Вадзіма Красікава. Нямецкая пракуратура мяркуе, што да забойства Хангашвілі былі датычныя расійскі ўрад і чачэнская пракуратура. Масква ўсе абвінавачванні адмаўляе.
У снежні 2019 года прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што Хангашвілі быў адным з арганізатараў тэракту ў маскоўскім метро і што Расія неаднаразова звярталася да Нямеччыны аб яго выдачы.
Забойства Хангашвілі пацягнула дыпламатычны канфлікт паміж дзвюма краінамі. У снежні МЗС Расіі прызнала двух работнікаў амбасады Нямеччыны непажаданымі асобамі. Раней, з-за нежаданні Расіі ўдзельнічаць у следстве, ФРГ прызнала двух супрацоўнікаў пасольства Расіі ў Берліне персонамі нон грата.
эж