Беларуская Служба

Пайшоў з жыцця былы прэзідэнт Егіпта

25.02.2020 15:00
Хосні Мубарак кіраваў краінай з 1981 па 2011 гады, сышоў з пасады пасля масавых пратэстаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/MOHAMED HOSSAM Dostawca: PAP/EPA.

Хосні Мубарак быў віцэ-прэзідэнтам Егіпта ў 1975-1981 гг. З кастрычніка 1981 па студзень 1982 года быў прэмʼер-міністрам. Раней, з канца 1940-х, служыў у ВПС Егіпта, дайшоўшы да пасады вярхоўнага камандуючага ў 1972-м годзе.

У 2011 годзе пачаліся масавыя пратэсты супраць урада Мубарака. Егіпцяне незадаволеныя палітычнай і эканамічнай сітуацыяў краіне выйшлі на вуліцы. У выніку сутыкненняў з паліцыяй загінула больш за 300 чалавек.

У 2012 годзе Хосні Мубарак быў асуджаны на пажыццёвае зняволенне за саўдзел у забойстве некалькіх сотняў дэманстрантаў. У 2014 годзе Хосні Мубарак быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі за крадзеж дзяржаўных сродкаў.

Былы прэзідэнт абскардзіў гэтыя рашэнні. У 2017 годзе вышэйшая апеляцыйная інстанцыя вызваліла Мубарака ад абвінавачання ў адказнасці за гібель дэманстрантаў. Суд таксама адхіліў хадайніцтвы семʼяў ахвяр аб аднаўленні грамадзянскага судовага працэсу па гэтай справе, што азначала, што магчымасці апеляцыі былі вычарпаны.

У сакавіку 2017 года, праз шэсць гадоў, Хосні Мубарак выйшаў на волю. Ён памёр ва ўзросце 91 год.

ПР/юл