Прэзідэнт ЗША заявіў, што ў бліжэйшы час хоча сустрэцца з лідарамі афганскіх талібаў. У Катары прадстаўнікі ЗША і афганскіх талібаў падпісалі 29 лютага мірнае пагадненне. Паводле яго, талібы павінны спыніць атакі на войскі НАТА ў Афганістане, а ЗША разам з Паўночнаатлантычным альянсам выведуць усіх салдат на працягу 14 месяцаў. Пагадненне таксама павінна прывесці да пачатку мірных перамоваў паміж афіцыйнымі афганскімі ўладамі і талібамі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у Вашынгтоне, што вывад амерыканскіх войскаў пачнецца з хвіліны на хвіліну. Ён дадаў, што калі талібы не стрымаюць сваё слова, то амерыканцы вернуцца ў Афганістан:
- Я веру, што талібы зробяць нешта, каб паказаць, што мы не губляем часу. Калі здарыцца нешта дрэннае, мы вернемся. Хай людзі ведаюць, што мы вернемся і вернемся так хутка, з такой сілай, якой яшчэ ніхто не бачыў. Я не думаю, што гэта будзе неабходна. Я спадзяюся, што да гэта не дойдзе.
Напрыканцы 2001 года ЗША ў адказ на тэракты 11 верасня ўвялі войскі ў Афганістан і зрынулі кіруючых у гэтай краіне радыкальных талібаў. Аднак неўзабаве партызаны пачалі атакі як на салдата ЗША і НАТА, так і на новыя мясцовыя сілы бяспекі.
Вайна каштавала жыцці сотням тысяч чалавек, у тым ліку мірным жыхарам і амаль 2,5 тысячам жаўнераў міжнародных сілаў, у тым ліку і палякам. Нягледзячы на шматгадовыя намаганні міжнароднай супольнасці, сітуацыя з бяспекай у Афганістане істотна не палепшылася, не ўдалося аднавіць разбураную канфліктамі афганскую эканоміку і знізіць узровень беднасці сярод жыхароў краіны.
IAR/эж