Беларуская Служба

Партыя прэм'ер-міністра Ізраіля перамагае на выбарах у Ізраілі

03.03.2020 14:02
Выбары, якія адбыліся ў панядзелак, 2 сакавіка, сталі 3 за апошнія 11 месяцаў. 
Біньямін Нэтаньяху PAP/EPA/ATEF SAFADI

Правацэнтрысцкая партыя прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нэтаньяху «Лікуд» перамагае на выбарах у Ізраілі.

З апублікаваных дадзеных экзіт-полаў таксама вынікае, што разам з саюзнікамі ў правацэнтрысцкага блоку ў партыі Нэтаньяху ёсць шанцы на фармаванне кааліцыі большасці. Гэта сведчыць аб тым, што трэція за апошнія месяцы выбары ў Ізраілі могуць пакласці канец палітычнага крызісу ў краіне, які доўжыцца ўжо амаль год.

Згодна з паслявыбарчымі прагнозамі, кіруючая партыя «Лікуд» атрымае 36-37 месцаў у 120-мясцовым парламенце, у той час як яе асноўны сапернік – левацэнтрысцкая партыя «Кахоль-Лаван» Бені Ганц – 32-33 месцы. Калі экзіт-полы пацвердзяцца, то ўсе правыя партыі ў кааліцыі змогуць атрымаць 59 месцаў у Кнэсеце, а гэта на 2 месцы менш, чым неабходна для фарміравання большасці.

«Гэта вялікая перамога «Лікуда», вялікая перамога Ізраіля, мы перамаглі», – сказаў міністр юстыцыі Ізраіля Амір Охана.

Ізраільскія выбары паказалі рост палярызацыі ў грамадстве. На трэцім месцы, паводле апытанняў, апынуўся Абʼяднаны арабскі спіс, які крайне правыя нават хацелі выключыць з выбараў.

Выбары, якія адбыліся ў панядзелак, 2 сакавіка, сталі 3 за апошнія 11 месяцаў. Падчас апошніх выбараў не ўдавалася стварыць кааліцыю, таму пераважная большасць ізраільцян незалежна ад іх палітычных сімпатый спадзяваліся на тое, што па выніках галасавання пераможа адзін ці іншы бок.

Верагодная перамога на выбарах не азначае вырашэння праблем ізраільскага прэмʼера. Праз два тыдні ў судзе ў Ерусаліме пачнецца працэс Біньяміна Нэтаньяху, які быў абвінавачаны ў карупцыі і злоўжыванні даверам.