Сенат Кангрэса ЗША ў аўторак, 21 красавіка, ухваліў чарговы амбіцыйны пакет захадаў, накіраваных на пераадоленне эканамічных наступстваў эпідэміі каранавіруса. Яго аб'ём – 480 мільярдаў долараў ЗША. Для яго выпрацоўкі дэмакраты і рэспубліканцы вялі шматдзённыя перамовы, якія паспяхова завяршыліся ў аўторак.
Дакумент павінен атрымаць адабрэнне Палаты прадстаўнікоў, што магчыма ўжо да канца красавіка, пасля чаго ён паступіць на подпіс да прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Той ужо станоўча выказаўся аб дасягнутым пагадненні.
Кангрэс у сакавіку ўжо ўхваліў праграму дапамогі эканоміцы памерам у 2,2 трыльёна долараў. Цяперашні пакет павінен уліць дадатковыя 320 мільярдаў у крэдытную праграму для малога і сярэдняга бізнесу. Гэтыя сродкі павінны спыніць рост беспрацоўя.
Ухвалены раней Кангрэсам пакет экстранных мер прадугледжвае маштабную фінансавую дапамогу працаўнікам, беспрацоўным, прадпрыемствам і лякарням. Усе грамадзяне з гадавым прыбыткам ніжэй за 75 тысяч долараў атрымліваюць чэк на 1200 долараў. Памеры і працягласць плацяжоў па беспрацоўі будуць павялічаныя.
Для буйных кампаніяў ствараецца фонд выратавання на суму ў 500 млрд долараў. Шматмільярдную дапамогу атрымаюць таксама лякарні і іншыя ўстановы сістэмы аховы здароўя.
паводле dw.com/эж