Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў былому прэзідэнту Грузіі Міхаілу Саакашвілі стаць віцэ-прэмʼерам урада Украіны па пытаннях рэформаў. Пра гэта сам Саакашвілі распавёў у сераду ў сваім Фэйсбуку.
Па яго словах, ён ужо абмеркаваў магчымую працу ва ўрадзе з прэмʼер-міністрам Украіны Дзянісам Шмыгалём. Саакашвілі назваў прапанову «вялікім гонарам «і нагадаў, што падтрымліваў Уладзіміра Зяленскага падчас выбараў, заявіўшы, што звязвае з яго камандай «вялікія надзеі для Украіны».
Намеснік кіраўніка фракцыі «Слуга народа» Яўген Краўчук паведаміў, што Саакашвілі сустрэнецца з дэпутатамі і прадставіць ім сваю праграму ўжо ў гэтую пятніцу.
У траўні 2015 года тагачасны прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка прызначыў Саакашвілі старшынёй Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі і выдаў яму ўкраінскае грамадзянства. У 2017 годзе ён адмяніў абодва свае рашэнні.
У верасні таго ж года Саакашвілі з дапамогай сваіх прыхільнікаў прарваўся на тэрыторыю Украіны і запатрабаваў адстаўкі Парашэнкі. Яму забаранілі ўезд у краіну, ён называў рашэнне аб адкліканні грамадзянства і забароне на ўезд незаконнымі. 28 мая 2019 года Уладзімір Зяленскі вярнуў яму грамадзянства.
Кандыдатуру Саакашвілі павінна ўхваліць Вярхоўная Рада. Чакаецца, што гэта адбудзецца на пленарным пасяджэнні ў пятніцу, 24 красавіка.
паводле golos-ameriki/эж